(no subject)
Jun. 8th, 2005 10:37 amСёння зноў чамусьці сніла бабулін дом. Час ад часу - прыкладна раз ў паўгады - я прыходжу ў сне ў гэты дом. Мы яго прадаем, і ніяк не прадамо. Там я вучылася хадзіць - і для мяне знеслі сякерай усе парогі. Я памятаю там кожную масніцу - бо бабуля патрабавала месці падлогу кожную раніцу - а я там праводзіла ўсе канікулы. Бабулі ўжо паўтары гады як няма. Ніхто там зараз не жыве. Не ўглядаецца ў сьляды шашаля на дзьвярах. Не гладзіць рукамі шмат разоў пабеленыя цагліны печы. Не сядзіць на нізенькім зэдліку ля галандкі і не сочыць, як прагараюць у ёй дровы. Прыступкі, адлітыя з цэменту, аказаліся трошкі вузейшыя за ганак - і збоку там прыладжаны камяні - вялікі чырвоны, шэра-сіні, і некалькі меньшых - на трэццюю прыступку. На двары растуць нізенькія рамонкі. Ля хлева - дошкі,адкладзеныя, здаецца, для рамонту плота. І тая пара бёрнаў, на якіх дзед рабіў мне арэлі. Усё ў тым доме здавалася мне дасканалым, кожная рэч была да месца, я ведала - як адчыніць дзьверы ў летнюю кухню, каб яны застапарыліся, дзе ляжаць запалкі (у адтуліне на печы). У майстэрні стаяць ровары і напаўразабраная "Ява", пахне пылам, і на пацямнелым варштаце стаіць бляшанка з цьвікамі. Вісяць інструменты з дзівоснымі назвамі "зінзубель", "шэрхебель". Што яшчэ? Раскідзістая антонаўка за хатаю і маленькая папінка побач.Слівы ўжо няма. Груша... Высачэзная груша на рагу двара. Дзічка, на якую прывітыя адразу два сорты - з аднаго боку - мяккія жоўтыя, з другога - цьвярдзейшыя зялёныя з чырвоным бокам. А у самым нізе - гронкі дзікіх - маленькіх і цьвердых, што прыдатныя толькі на сушку ці кампот.
no subject
Date: 2005-06-08 06:01 pm (UTC)